Тэма «Правапіс прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц, выклічнікаў»
1. Пішуцца асобна:
прыназоўнікі з тымі словамі, з якімі яны ўжываюцца: ад лесу, са школы, у хаце, каля ракі, на печы, перад вёскай, для ўсіх, вакол дарогі;
словы ў састаўных злучніках: таму што, так што, хіба што, як толькі, як быццам, перш чым, гэта значыць, то так; а таксама ў словазлучэннях, якія ўжываюцца ў функцыі пабочных слоў: можа быць, так кажучы, такім чынам і пад.;
часціцы бы (б), жа (ж): прыйшоў бы, прыйшла б, казаў жа, чаму ж, хто ж бы, як жа ж; што ў такіх спалучэннях, як пакуль што, амаль што, толькі што, сама што, хіба што і пад.
2. Пішуцца разам:
прыназоўнікі, якія ўтварыліся ў выніку зліцця прыназоўніка з назоўнікам: замест, наконт, накшталт, звыш;
прыслоўі, якія ўжываюцца ў якасці прыназоўнікаў і якія з'яўляюцца вынікам зліцця склонавых форм назоўнікаў з прыназоўнікамі: зверху, наперадзе, наперакор, насустрач, уперад, уперадзе, услед (услед за цягніком);
злучнікі, якія з'яўляюцца вынікам зліцця прыназоўніка з займеннікам ці словамі колькі, столькі: затое, прычым, прытым, паколькі, пастолькі (у адрозненне ад спалучэнняў прыназоўнікаў з адпаведнымі займеннікамі ці неазначальна-колькаснымі словамі: паволі рабіў, затое грунтоўна – за што ўзяў, за тое і аддаў); злучнікі ажно, альбо (або), нібы, нібыта, каб і інш.
3. Праз злучок пішуцца:
складаныя прыназоўнікі: з-за, з-пад, з-над, з-паміж, з-па-над, па-за;
часціца -такі ў словах усё-такі, зусім-такі, так-такі, зноў-такі, а таксама ў тых выпадках, калі яна стаіць пасля дзеяслова: прыйшоў-такі (ва ўсіх астатніх выпадках часціца такі пішацца асобна: Ён такі надумаўся прыйсці. Ён усё ж такі думае прыехаць); часціца то з дзеясловамі і займеннікамі: сказаць-то ён сказаў; ён-то прыехаў, яны-то пабачылі.
1. Запішыце спалучэнні разам, праз злучок ці асобна.
Паказалася (з) паміж хмар сонца, прыйшлі (у) след за намі, усё (ж) такі прыехаў, спытаў (на) конт тавара, толькі (што) аб’явілі, з’еў (бы) чаго (небудзь), зноў (такі) пасварыліся, як (жа) нам быць, (па) над лесам, (на) вошта хвалявацца, зайсці (то) ён зайшоў, (як) быццам чакаў, чаму (ж) не весяліцца.
2. Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі. Растлумачце правапіс слоў.
1. Не на людзях (жа) слёзы пускаць Міколк.., яму (ж) трына..цаць год, ён (жа) мужчына (М. Лынькоў). 2. Надзя гаварыла так, ні (бы) ён, Васіль, быў яе братам ці якім(?)небудзь блі..кім ч..лавекам (І. Навуменка). 3. Калі (сь) была тут смалярня (Я. Колас). 4. Міколка бачыў ужо з(?)за плот.. старую грушу на сваім двары (М. Лынькоў). 5. Ён не здолеў (бы) ра..тлумачыць ні с..бе сам..му, ні каму іншаму, што з ім здарылася такое – ні(?)быта яго маланкай апаліла (А. Васілевіч).
3. Складзіце і запішыце сказы з ніжэйпрыведзенымі словамі і спалучэннямі слоў.
Прытым – пры тым, затое – за тое, зусім – з усім, паколькі – па колькі.
4. Запішыце тэкст, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары.
Стары бабёр выправіўся ў дарогу цёмначы. Толькі (не) дзе далёка (на) ўсходзе крыху абазначылася светлас(?)ць (на) небе, але была яшчэ ноч, кароткая, летняя. (Над) вадою с..лаўся туманок, рэ..кі, празрысты. Бабёр ціха вы..шаў (з) пад вады (не) далёка (ад) свае хаткі, доўга прыслухоўваўся, (па) волі падгрэбваючы (да) (не) вялікага астраўка.
Стары бабёр яшчэ раз азірнуўся (на) хатку, с..шоў (з) астраўка і н..чутна паплыў (да) сам..га бераг.. . Тут віўся мален..кі руч..ёк. Выц..каў ён (з) крыніц кіламетр.. (за) два а..сюль, (з) пад дв..х в..лікіх, (як) горы, у..горкаў. (З) аднаго бок.. (ад) рэчкі стаяў (на) ўзгорк.. бор, (пад) ім – хат (з) пяць мален..кае вёсачкі. Тут мала хто хадзіў, і бабры жылі спакойна, (без) клопат.. . Хапала (на) іх і лазы, і карэн..чыкаў, і травы. Тут была іх мален..кая радзіма (А. Жук).
Тэма «Лексічныя і фразеалагічныя нормы»
Слова з’яўляецца асноўнай адзінкай мовы. З дапамогай слоў мы называем усю разнастайнасць з’яў і прадметаў навакольнага асяроддзя, іх прыметы, дзеянні, стан. Ад дакладнасці ўжывання слоў у маўленні залежыць правільная перадача інфармацыі і ўзаемаразуменне паміж слухачамі (чытачамі). Недакладна выкарыстанае слова (фразеалагізм) вядзе да няправільнага ўспрымання зместу, скажае сэнс выказвання, дэзынфармуе чытача ці слухача.
Лексічныя нормы характарызуюцца тым, што яны адносна свабодныя. Так, у мастацкім стылі могуць ужывацца, калі гэтага вымагае сітуацыя маўлення, дыялектныя, прастамоўныя, нават жаргонныя словы, якія недапушчальны ў навуковым і афіцыйным стылях. Не з’яўляецца парушэннем нормы выкарыстанне прастамоўнай лексікі ў гутарковым стылі, бо яна не супярэчыць нязмушаным абставінам маўлення. Выбар слова нярэдка абумоўлены не нормай, а мэтазгоднасцю. Можна сказаць, што лексічная норма – гэта правільна выбранае і да месца выкарыстанае слова ў яго агульнавядомым значэнні. Няправільны выбар слова і яго ўжыванне з неўласцівым значэннем прыводзяць да ўзнікнення маўленчых (лексічных) памылак.
Фразеалагічная норма – такое ўжыванне фразеалагізмаў, якое ў гэты час прынята ў маўленчай практыцы і замацавана ў адпаведных слоўніках. У маўленчай практыцы за кожным фразеалагізмам замацавана пэўнае значэнне ці значэнні, кампанентны склад, структурная арганізацыя, лексіка-граматычная спалучальнасць са словамі ў сказе. Фразеалагічныя памылкі звязаны з ужываннем фразеалагізма не з тым значэннем, якое замацавалася за ім, з немэтазгодным ужываннем дыялектных фразеалагізмаў у аўтарскім тэксце ці ўключэннем іх у навуковыя, афіцыйныя тэксты, а таксама з парушэннем спалучальных магчымасцей фразеалагізма (ужыванне фразеалагізма не з тым дзеясловам-суправаджальнікам, які традыцыйна замацаваны за ім, напрыклад: ужыванне выразу сышліся душа ў душу замест жыць (пражыць, зажыць) душа ў душу), з парушэннем традыцыйнай формы фразеалагізма (замена аднаго кампанента іншым, пашырэнне кампанентнага складу, аб’яднанне двух фразеалагізмаў у адзін і г.д.).
1. Вызначце, якія памылкі дапушчаны пры ўжыванні слоў (ужыванне слова з неўласцівым яму значэннем, парушэнне спалучальнасці слоў, няправільнае выкарыстанне запазычанай лексікі, плеаназм[1]). Выпраўце памылкі і запішыце сказы.
1. Недзе высока ў небе звінеў тоненькі галасок, як быццам нехта нябачны гуляў на флейце. 2. Высока ў небе гарыць знічка. 3. Дзеці пазіраюць на свет шырока расчыненымі вачыма. 4. Васіль з Ганнай стаялі моўчкі без слоў. 5. Дарвін быў першым заснавальнікам тэорыі ўзнікнення чалавека. 6. Потым быў шпіталь, амуніцыя адной нагі і хвіліны душэўнай слабасці. 7. На першым пасяджэнні быў прыняты і статус таварыства аматараў музыкі.
2. Запішыце сказы, выбраўшы з дужак неабходнае слова. Свой выбар абгрунтуйце.
1. Асабліва, калі ты не просты музыка, што на вечарынках ды на вяселлях (гуляе, іграе), а такі, што са сцэны выступае, якому людзі ў ладкі плешчуць (М. Гіль). 2. (Мецэнат, спонсар) Міхал Казімір Агінскі не проста збудаваў водны канал, а праклаў духоўны, творчы шлях у нашы дні (У. Ліпскі). 3. У лесе дзеці разбегліся хто куды, адшукваючы самыя прыгожыя дрэўцы – каб і стройныя былі, і з правільнай (каронай, кронай) (М. Гіль). 4. У Сяміпалацінску, напрыклад, маладыя пары завязваюць на памятным дрэве рознакаляровыя стужкі – вельмі прыгожая (традыцыя, траекторыя) (Н. Баранава).
З дакладнасцю ўжывання слоў цесна звязана ўжыванне паронімаў – слоў адной часціны мовы з гукавым і структурным падабенствам, але з рознымі лексічнымі значэннямі: каменны і камяністы; ганаровы, ганарысты і ганарлівы.
Паколькі паронімы маюць гукавое і структурнае падабенства, то часта ў маўленні адно слова ўжываецца замест другога, што з’яўляецца прычынай маўленчых памылак. Каб іх пазбегнуць, трэба ўжываць у маўленні словы з вядомым лексічным значэннем, а пры ўзнікненні цяжкасцей неабходна звяртацца да тлумачальнага слоўніка або слоўніка паронімаў (Грабчыкаў, М. С. Слоўнік паронімаў беларускай мовы / М. С. Грабчыкаў. – Мінск, 1994; Смаршчок, М. Ф. Беларускія аднакарэнныя і сугучныя словы з рускімі адпаведнікамі : слоўнік-даведнік / М. Ф. Смаршчок, Э. І. Барысаглебская. – Мінск, 2002).
3. Растлумачце розніцу паміж значэннямі слоў. Пры неабходнасці карыстайцеся тлумачальным слоўнікам.
Грамадскі – грамадзянскі, фантазія – фантастыка, чалавечы – чалавечны, эфектны – эфектыўны, рэальны – рэалістычны, пісьменны – пісьмовы.
4. Вызначце, якія пары слоў з’яўляюцца паронімамі.
Блізка – бліжэй;
гаспадарлівы – гаспадарскі;
каменны – камяністы;
аслабець – абяссілець;
нарыхтаваць – нарыхтоўваць;
гліняны – гліністы;
светлы – светлаваты.
5. Складзіце словазлучэнні, падабраўшы да кожнага назоўніка прыметнік.
(Каменны, камяністы) вугаль, бераг, дарога, соль, век, глеба.
(Абагуліць, абагульніць) зямлю, маёмасць, статак, вопыт.
(Адукаваны, адукацыйны) чалавек, установа, праграма, сайт.
6. Запішыце сказы, выбраўшы з дужак слова, якое падыходзіць па сэнсе.
1. Каля гэтага моста калісьці стаяў (водны, вадзяны, вадзяністы) млын (Я. Маўр). 2. Ніякі (муляр, маляр) не кладзе ў сцяну побач з апаленай цэглай неапаленую, нетрывалую (М. Лужанін). 3. Прыводжу яе ў бальніцу, а мне кажуць, што, магчыма (апендыцыт, апендыкс) лопнуў (А. Асіпенка). 4. Калі верыць народным паданням і легендам, Беларусь ці не самая багатая ў Еўропе краіна на схаваныя ў яе (нетрах, недрах) скарбы (А. Бутэвіч). 5. Тут, у засені густой травы, вадзіліся гадзюкі і (зямлістыя, земляныя) жабы-рапухі (І. Чыгрынаў).
7. Знайдзіце памылкі ва ўжыванні паронімаў. Выпраўце іх і запішыце сказы.
1. А зараз даводзяць, што яны [кратары] ад падзення метэораў!.. (А. Карпюк). 2. Галерэя вядзе вялікую даследчую і рэстаўратарскую работу («Беларусь»). 3. Па эфектыўнасці дзеянняў нашай авіяцыі гэты выпадак не мае прэтэндэнта ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны («Звязда»). 4. Зноў дыхнуў лядовы вецер (К. Буйло). 5. Культывацыя толькі адной культуры, як вядома, прыводзіць да масавага размнажэння шкоднікаў («Звязда»). 6 . Колькасная перавага коласаўскага слоўніка тлумачыцца тым, што ў ім шмат слоў дыялектычных, мясцовых, абласных («ЛіМ»).
8. Прымаючы пад увагу прыведзеныя значэнні паронімаў, складзіце і запішыце з імі сказы.
1. Засушаны – высушаны, сухі; засушлівы – які суправаджаецца засухамі; у якім бываюць засухі.
2. Метэарыт – цвёрдае цела касмічнага паходжання, якое ўпала на Зямлю з міжпланетнай прасторы; метэор – распаленае цела касмічнага паходжання, якое ярка свеціцца і хутка рухаецца ў зямной атмасферы.
3. Яшчар – 1) млекакормячае з прадаўгаватым тулавам, пакрытае рагавой луской, з невялікай галавой, доўгім хвастом і кароткімі лапамі з моцнымі кіпцюрамі; пашыраны ў Паўднёвай Афрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі; 2) устарэлая назва некаторых вымерлых паўзуноў і земнаводных; яшчарка – невялікі паўзун з доўгім хвастом і прадаўгаватым целам, пакрыты дробнай рагавой луской; яшчур – вострая заразная хвароба буйной рагатай жывёлы і іншых парнакапытных.
9. Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і словамі-суправаджальнікамі, з якімі гэтыя фразеалагізмы ўжываюцца ў маўленні. Запішыце фразеалагізмы разам са словамі-суправаджальнікамі, вусна растлумачце сэнс фразеалагізмаў.
|
Словы-суправаджальнікі |
Фразеалагізмы |
|
блытаць збіць прыходзіць крывіцца адкладваць сядзець |
на горкі яблык як мыш пад венікам да грэчаскіх каляд боб з гарохам у свіныя галасы як серада на пятніцу |
10. Устаўце ў сказы прапушчаныя фразеалагізмы з кампанентамі-лічэбнікамі ў адпаведнасці з прыведзенымі лексічнымі значэннямі.
|
Сказ |
Значэнне фразеалагізма |
|
1. Дзянёк быў сонечны, і апранутая ў цёплы кажух Маечка была … ад радасці (У. Краўчанка). |
‘(быць) бязмерна шчаслівым, вельмі задаволеным’ |
|
2. Гарасім у той час у размове з любой дзяўчынай не мог … , заікаўся, бляднеў і пацеў (І. Шамякін). |
‘(не магчы) звязна выказаць свае думкі’ |
|
3. – А я дзень пры дні сяджу … і свету белага не бачу, – звычайна скардзіўся Пцічкін (І. Новікаў). |
‘не выходзячы з дому, з памяшкання’ |
|
4. Аксён Каль верыць у праўду, у тую адвечную праўду, якой так прагна чакае народ і якая … хаваецца ад яго (Я. Колас). |
‘недзе далёка і надзейна (таіць, хаваць)’ |
|
5. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў … , бо не раз рабіў ён налёты сюды са сваімі таварышамі (М. Лынькоў). |
‘(ведаць) вельмі добра, грунтоўна, да дробязей’ |
|
6. Марчук вам … : ён пляменнік вашай стрыечнай цёткі (Я. Радкевіч). |
‘вельмі далёкі сваяк’ |
Для даведкі: у чатырох сценах; дзясятая (сёмая) вада на кісялі; на сёмым (дзясятым) небе; за (пад) сямю замкамі (за сямю пячаткамі); звязаць двух слоў; як свае пяць пальцаў.
11. Запішыце фразеалагізмы з кампанентам сцяна, якім адпавядаюць наступныя лексічныя значэнні:
‘пад надзейнай аховай каго-небудзь, спакойна’;
‘нічога не дзейнічае на каго-небудзь’;
‘неадольная перашкода; поўная ізаляванасць ад каго-небудзь, чаго-небудзь’;
‘рабіць гранічныя намаганні для дасягнення чаго-небудзь’;
‘не ўдзельнічаючы ў танцах, стаяць у памяшканні (часцей пра таго, хто не ўмее танцаваць)’.
Для даведкі: як гарох аб сцяну (аб сценку); кітайская сцяна; як за каменнай (мураванай) сцяной; падпіраць сцяну; ілбом (лбом) сцяну прабіваць.
Складзіце і запішыце сказы з двума фразеалагізмамі (на выбар).
12. Вызначце, якія памылкі дапушчаны пры ўжыванні фразеалагізмаў (ужыванне фразеалагізма з неўласцівым яму значэннем, скажэнне структуры фразеалагізма, парушэнне спалучальных магчымасцей фразеалагізма і інш.). Выпраўце памылкі і запішыце сказы.
1. Перад сустрэчай з Зояй Сцяпанаўнай Віталь адчуваў сябе не на сваёй талерцы. 2. Міхасю мазолілі рукі раскіданыя па ўсім пакоі цацкі малодшай сястры. 3. Пасля доўгай прагулкі па лесе дзеці вярталіся без задніх ног. 4. Пасля той размовы з дзядзькам Алесь баяўся яго ценю. 5. Марына Сяргееўна некалькі разоў прасіла сына памыць падлогу, а ямý як віламі па вадзе. 6. Васіль нічога не адказваў, маўчаў як рыба аб лёд. 7. У Сяргея з учарашняга дня макавай крошкі ў роце не было.
[1] Плеанáзм, -у, м. (спец.) Моўны зварот, у якім без патрэбы паўтараюцца аднолькавыя ці блізкія па значэнні словы (напрыклад, свая ўласная сям’я).